Iнтэрактыўны праект: гісторыя вуліцы Маскоўскай

Сцебурака Анатоль Мікалаевіч

ІБМТ БДУ, Беларусь

дацэнт кафедры бізнес-камунікацый


Удалы досвед інтэрактыўнага праекту папярэдняга году “Тадэвуш Рэйтан – нацыянальны герой” падштурхнуў да працягу выкарыстання сучасных формаў інтэрнэт-тэхналогій для практычнай працы па засваенні айчыннай гісторыі. Восенню 2017 году аб’ектам увагі стала сталічная вуліца Маскоўская.

Чаму менавіта яна? Перш за ўсё таму, што з 2014 г на ёй знаходзіцца галоўны корпус нашага Інстытуту. А ў кожнай прэстыжнай навучальнай установы абавязкова ёсць свая гісторыя. Безумоўна, яна найперш складаецца з поспеху студэнтаў і дасягненняў выкладчыкаў, але і муры alma mater адыгрываюць тут далёка не апошнюю ролю. Яны з’яўляюцца не проста маўклівымі сведкамі жыцця інстытуцыі, а самі здольныя ствараць пэўную творчую атмасферу, спрыяльны настрой для выніковай працы і пераемнасці ўніверсітэцкіх традыцый.

Будынак учора і сённяБудынак ІБМТ учора і сёння

Будынак на вул. Маскоўскай фактычна выпаў з-пад увагі даследчыкаў і стваральнікаў кніг і экспазіцый (у чым змаглі ўласна пераканацца студэнты ІБМТ, праводзячы сваё даследаванне). І гэта пры надзвычайна цікавым лёсе нашага корпусу! Знаходзячыся ў дужа запатрабаваным раёне Мінска, ён за гады існавання шмат разоў мяняў гаспадароў і быў сведкам імклівага развіцця гораду.

Корпу ІБМТ у 1930 гг.Корпуc ІБМТ  у 1930 гг.

Маскоўская,5 - канец 1990-ых гг.Маскоўская,5 — канец 1990-ых гг.

Праз даследаванне яго гісторыі, шчыльна знітаванай з гісторыяй навакольных кварталаў, студэнты мусілі лепей зразумець дынаміку змен ва ўрбаністыцы беларускага гораду навейшага часу. А праз вывучэнне біяграфіяй вядомы асоб, якія жылі паблізу ад нашага корпусу, пазнаёміцца з грамадска-палітычным рухам 1910-30 гг., антыфашысцкім падполлем 1941-44 гг., працэсамі ў культуры і архітэктуры…

Сутнасць праекту «Мінск: гісторыя вуліцы Маскоўскай».

Студэнты на працягу семестра ажыццяўлялі працу па адным з абраных кірункаў дзейнасці, у адпаведнасці з іх схільнасцямі:

  1. Гісторыя корпуса ІБМТ БДУ (1929 – 2017 гг.).
  2. Развіццё камунікацый: чыгунка, конка, трамвай, Віленскі мост.
  3. Маскоўская вуліца і яе наваколлі на старых картах і планах.
  4. Камерцыя і вытворчасць на Маскоўскай вуліцы.
  5. «Беларуская хатка» (1916 – 1920 гг.).
  6. Вядомыя адрасы на вуліцы Маскоўскай. (Субпраект «Апошні адрас»: 1937 год на Маскоўскай вуліцы).
  7. Архітэктура Маскоўскай вуліцы (вытокі, канструктывізм 1920-30 гг., Маскоўская вуліца ў 1945 – 2017 гг.).
  8. Вусная гісторыя і гарадскія легенды.
  9. Бізнес-ідэі для вуліцы Маскоўскай.

Для працы было неабходна зарэгістравацца ў суполцы ў «Facebook» і далучыцца да групы па вывучэнні канкрэтнага аспекту (тэмы 1-9). Прадугледжвалася магчымасць як індывідуальнага, так і групавога ўдзелу. Цікава што, практычна ўсе аддалі перавагу супольнаму даследаванню, пагрэбаваўшы персанальным. Каб праца была залічаная, трэба было прадставіць і абмеркаваць плён пошукаў ў адпаведнай суполцы.

у пошуках

Студэнцкай праца мела вялікі маштаб. Адсутнасць даследчыцкага вопыту кампенсавалася неўтаймаванай энергіяй першакурснікаў. Спрабуючы дакапацца да першакрыніц, яны неаднойчы наведвалі Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі. (Высветлілася, што запісы пра пабудову корпуса на Маскоўскай, 5, на жаль, не захавалася). У музеі БДУ таксама не апынулася вычарпальных крыніц па гэтым будынку. То-бок, можна канстатаваць неабходнасць працягу пошукаў у гэтым кірунку ў фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Частка студэнтаў схілілася да віртуальных вандровак па старых мапах Мінска, атрымаўшы вычарпальнае ўяўленне пра развіццё гораду на працягу стагоддзяў. Асабліва дынамічна гэты раён сталіцы рос з моманту пабудовы чыгункі, калі вуліца Маскоўская апынулася паміж дзвюма вакзаламі. Цікавай старонкай працы стаў аналіз нямецкіх мапаў 1941-44 гг., дзе адлюстравана становішча нашага ўніверсітэцкага корпусу ў якасці “Гандлёвай біржы Остланд” на вул. Варшаўскай, 19 (было часовае перайменаванне), а насупраць яго пабудова адмысловага дома для яе супрацоўнікаў.

Нямецкая карта. Замест Маскоўскай — Варшаўская вуліца.

Адданыя прыхільнікі спецыяльнасці “Лагістыка” канцэнтраваліся на  вывучэнні тэмы развіцця камунікацый на Маскоўскай, а студэнтаў са спецыяльнасці “бізнес-адміністраванне” вабілі сюжэты, знітаваныя з камерцыяй і вытворчасцю на гэтай вуліцы ў мінулым. Некаторыя, нават, прапаноўвалі ўласныя бізнес-праекты, якія б мусілі ажывіць навакольныя кварталы. Бо патэнцыял сапраўды ёсць! Гэты куток Мінску захаваў шэраг вельмі цікавых прыкладаў архітэктуры канструктывізму, да якіх, між іншым, належыць і сённяшні корпус ІБМТ БДУ.

бел хаткаБеларуская хатка

Безумоўна, у студэнтаў-удзельнікаў інтэрактыўнага праекта было з чага выбіраць! Без перабольшання, было наладжанае сапраўднае паломніцтва ў музей “Беларуская хатка”, дзе, не зважаючы на перманентны рамонт, гасцінна былі адчыненыя дзверы маладым цікаўным краязнаўцам. Некаторыя пайшлі далей за знаёмства з артыкуламі ды відэасюжэтамі па СТВ і паспрабавалі сябе ў ролі журналістаў. У межах “вуснай гісторыі” група студэнтаў запісала інтэрв’ю аднаго са старажылаў вуліцы Маскоўскай, Цыганкова В.Д., які змястоўна прыгадаў свае дзіцячыя ўражанні і распавёў пра сляды Другой Сусветнай вайны у ваколіцах вакзалаў, пра жыхароў навакольных дамоў, пра тое, што ў нашым корпусе пэўны час пасля вайны быў арганізаваны звычайны інтэрнат з-за недахопу прыдатных для жыцця будынкаў…

Такім чынам, праект “Мінск: гісторыя вуліцы Маскоўскай” апраўдаў сябе як інтэрактыўны дадатак да курсу “Гісторыя Беларусі”. Пры яго выкананні студэнты прадэманстравалі лепшыя даследчыцкія якасці, крэатыўнасць, здольнасць знаходзіць неардынарныя рашэнні. Праект наўпрост паспрыяў пашырэнню ведаў студэнтаў пра мінулае сталіцы і непасрэдна вуліцы Маскоўскай. А ўскосна, акцэнтуацыя ўвагі на корпусе нашага Інстытута, спрыяла выпрацоўцы адчування тоеснасці з навучальнай установай, фарміраванню лаяльнасці і пачуццю гонару з прычыны прыналежнасці да яго. Адначасова, гэты праект можна разглядаць і як элемент калектыўнага сторытэлінга.

Ваш e-mail не будет опубликован.